Сучаснае аблічча мікрараёна "Гомсельмаш" стала закладвацца ў другой палове 60-х гадоў XX стагоддзя. Галоўная транспартная магістраль – праспект Касманаўтаў – у апошнія гады стала адной з найпрыгажэйшых вуліц горада, на якой размешчаны Палац культуры ВА "Гомсельмаш", футбольны стадыён і шэраг іншых аб'ектаў сацкультбыту мікрараёна. Адміністрацыйныя будынкі і шматпавярховыя дамы жылой забудовы акружаны пышнай зелянінай сквераў і садоў. Тут створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага жыцця і адпачынку гараджан. Ландшафтна-кветкавыя кампазіцыі, клумбы і малыя архітэктурныя формы надаюць мікрараёну непаўторнае знешняе аблічча, дораць яго жыхарам радасць ад зносін з выдатным.
Найпрыгажэйшы куток горада – мікрараён "Стары Аэрадром" – пабудаваны ў 60-70-я гады XX стагоддзя на месцы былога аэрадрома. Сёння ён спалучае ў сабе сучасныя архітэктурныя ансамблі жылога комплексу, якія далучыліся да адной з найстарэйшых вуліц горада – вуліцы Савецкай.
Мікрараён "Волатава" размешчаны ў паўночна-усходняй частцы горада на беразе ракі Волатава і старога рэчышча ракі Сож. Праект забудовы жылога масіва, распрацаваны ў 70-я гады XX стагоддзя інстытутам "Гомельграмадзянпраект", упершыню ў рэспубліцы прадугледжваў будаўніцтва мікрараёна на поймавай тэрыторыі ракі Сож, падымаемай метадам гідранамыву да незатапляльных адзнак, з уладкаваннем азёр і каналаў. Гэта дазволіла мікрараёну набыць непаўторнае аблічча. Сёння гэта скіраваныя ў неба шматпавярховыя вышынныя дамы са шкла і бетону, якія адлюстроўваюцца ў апраўленых зелянінай люстэрках азёр.